Фотавыстава Михаіла Гаруса "Выстава выбраных фотаздымкаў"

Кніжна-выставачная прастора “Кніжная Шафа” прадстаўляе выставу фотаздымкаў Міхаіла Гаруса, якая пройдзе з 27 красавіка па 4 чэрвеня ў Мінску.

"Знатакам фотамастацтва не трэба прадстаўляць Міхаіла Гаруса. Для астатніх можна сказаць, што за трыццаць гадоў актыўнага мастацтва ў творчай фатаграфіі Беларусі Міхаіл Гарус праявіў сябе як рознабаковы майстра святлапісу. Дыяпазон творчых цікаўнасцей Міхаіла разнастайны, і ва ўсіх сваіх пачынаннях ён заўсёды дасягаў пераканаўчага творчага выніку. Аднак пры ўсім мностве падыходаў ў аснове творчасці Міхаіла – пошук магчымасці захаваць першапачатковую дасканаласць свету і сваё стаўленне да яго. 


Чорна-белая і каляровая фатаграфія, слайд-фільмы, паляроідныя здымкі, аголеная натура, інфрачырвоная, падводная, павільённая фотаздымка.. - так, гэта ўсё дзейнасць Міхаіла Гаруса. Трэба, аднак, адзначыць, што аўтар не прымае камп’ютарнае ўмяшанне ў выяву, бо лічыць гэта блюзнерствам ў дачыненні да самой сутнасці таямнічага працэсу фатаграфіі. У яго працах асаблівая мастацкая аўра, народжаная дзякуючы архаічнай тэхналогіі і простым сюжэтам – фотаздымкі, добра вытрыманыя часам, насычаныя мірыядамі сэнсаў. 

З канца васьмідзесятых, калі Менск лічыўся адной з фатаграфічных сталіц былога Саюза - шмат у чым дзякуючы і творчасці Міхаіла - ён удзельнічае ў розных выставачных праектах у краіне і за яе межамі. Ніякай мітусні. Прамая і паслядоўная творчая дарога. Увага публікі прыходзіць сама. Яго працы публікуюцца ў фатаграфічных выданнях і альбомах. 

На выставе прадстаўлены ўсяго толькі адзін з праектаў Міхаіла, выкананы ў канцы 80-х з выкарыстаннем старой павільённай камеры. Як і паўтара стагоддзя таму, калі толькі працяглыя вытрымкі і нерухомыя аб'екты маглі даць жаданую рэзкасць. Самаабмежаванне ў форме да аскетызму. Але які вынік. 


Пластыка кантактнага адбітку заварожвае, прастата формы не дае ачапіцца за прастору, час губляе свой сэнс. Кліпавае мільгаценне сучаснага аблічбаванага свету на імгненне спыняецца…" (цытуючы Сяргея Кажэмякіна).


Пройдзе час, і калекцыянеры будуць шукаць працы залатога перыяду беларускай творчай фатаграфіі канца мінулага стагоддзя. Зараз ўсё гэта яшчэ можна ўбачыць на нешматлікіх выставах, сярод якіх і гэтая - у прасторы ўтульнай галерэі «Кніжная Шафа». 

Адкрыццё выставы адбудзецца 27 красавіка а 19-й гадзіне.

Чакаем вас па адрасе Дзяржынскага 9, “Кніжная Шафа” (уваход са двара)

Тэлефон +375 17 234 48 64, shafaminsk@gmail.com
Кантактная асоба: Анастасія Дудкова, +375 29 637 09 53.
Час працы выставы: пн.-пт 10.00 – 20.00, cуб. 11.00 – 18.00

Уваход вольны.